РЭ́ДКІХ І РАССЕ́ЯНЫХ ЭЛЕМЕ́НТАЎ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць рэдкія элементы і рассеяныя элементы ў канцэнтрацыях, мэтазгодных для прамысл. здабычы. У буйных радовішчах рэдкія элементы ўтрымліваюцца ад некалькіх працэнтаў (ніобій, літый, берылій) да дзесяткаў працэнтаў (стронцый). Адрозніваюць руды, якія маюць у сабе гэтыя элементы ў выглядзе ўласна рэдкаметальных мінералаў (складаюць гал. прамысл. каштоўнасць), і руды, што змяшчаюць іх у выглядзе ізаморфных прымесей і здабываюцца спадарожна з пашыранымі металамі і неметаламі. Руды ўласна рэдкаметальных радовішчаў утвараюць комплексныя радовішчы, напр., рэдкаметальныя пегматыты змяшчаюць тантал, літый, берылій, часам цэзій, волава. Комплекснымі з’яўляюцца таксама і шматлікія рудныя мінералы (напр., лапарыт — крыніца здабычы танталу, ніобію, тытану, рэдкіх зямель). Радовішчы рэдкаметальных руд генетычна разнастайныя. Гал. аб’ёмы здабычы тытану, цырконію, танталу, ніобію, рэдкіх зямель і інш. звязаны з россыпамі і корамі выветрывання. Рассеяныя элементы здабываюць спадарожна пры комплекснай перапрацоўцы руд інш. карысных выкапняў і мінер. канцэнтратаў. Руды рассеяных элементаў — мінералы нефелін (рубідый, цэзій, галій), апатыт (стронцый, рэдкія землі), біятыт (літый, хром, рубідый, талій, галій), светлыя слюды, халькапірыт, кінавар, ільменіт, касітэрыт, вальфраміт, сфалерыт, галеніт і (інш. Паводле геахім. уласцівасцей рассеяных элементаў (халька-, літа-, сідэра-, аргана- і гідрафільных) вызначаюцца іх металагенія і прымеркаванасць да пэўных геолага-геахім. груп і тыпаў радовішчаў. Гл. таксама Берыліевыя руды, Літыевыя руды, Ніобіевыя руды, Танталавыя руды.
т. 13, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)